Беларускi этнаграфiчны куток
Жыццё імкліва ляціць наперад. І, здабываючы кожны дзень нешта новае для сябе, мы непрыкметна губляем тое святое, спрадвечнае, што нашы продкі называлі непарыўнай повяззю часоў. Нашу малую спадчыну. А яна выяўляецца як у людзях, так і ў прадметах штодзённага побыту мінулых вякоў. Вось менавіта з мэтай нагадаць сучасніку пра гісторыю беларускай вёскі, яе вытокі і элементы будзённага жыцця нашых продкаў і быў створаны сіламі студэнтаў Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта беларускі этнаграфічны куток. Ён, на жаль, адносна невялікі па памеры і таму далёка не ўсе экспанаты змаглі ў ім змясціцца. Але прыкладна 120 найменняў выстаўлены на агляд наведвальнікам. І кожная прадстаўленая рэч мае сваю цікавую гісторыю і ў свой час добра паслужыла былым гаспадарам. Некаторыя прадметы і ўвогуле выклікаюць здзіўленне ў наведвальнікаў і лагічнае таму пытанне: “А што гэта такое?”.
Давайце крыху пройдземся па нашым музейчыку.
Гэты вялікі кош, зразумела, служыў не для збору бульбы. У яго нашы дзядулі і бабулі складалі сала, каўбасы і падвешвалі на крук да столі, каб не далезлі мышы і пацукі. У некаторых рэгіёнах Гарадзеншчыны з гэтай жа мэтай выкарыстоўвалі драўляныя куфары.
Беларуская гітара. Па творах Я.Чачота, Я.Купалы, Я.Коласа мы ведаем, што на вясковых вячорках традыцыйна ігралі жалейка (дудачка) і скрыпачка. Але сустракалася і такая вось самаробная васьміструнная гітара, якая па гучанні нечым нагадвала мандаліну. У Беларусі засталося вельмі мала падобных экзэмпляраў.
Багата прадстаўлены ў музеі ганчарныя вырабы: збанкі, міскі, кубкі. Асаблівую цікавасць выклікаюць макітры. Для беларускай ганчарнай школы больш уласцівы гэты посуд без ручак. У нас ёсць некалькі рэдкіх экзэмпляраў з ручкай збоку.
Людзі вельмі сталага ўзросту, магчыма, памятаюць гэты “цуд тэхнічнай думкі” – прымус. Працаваў на газе і лічыўся пажаранебяспечным пры выкарыстанні ў якасці прабацькі сучаснай газавай пліты.
Беларусь ніколі не мела ўласнага жалеза, і таму вырабы з яго каштавалі добрых грошаў. Нашы продкі ахвотней выкарыстоўвалі дрэва. І вось каб знайсці тую ж карову ў лесе (на Палессі часта толькі там і быў выпас), ёй на шыю і вешалася такое кляпайла. У сярэдзіне яго прымацаваны на дроціках сухія палачкі, якія пры руху жывёліны вельмі гучна барабаняць. І рэха разносіць стук па ўсім лесе. Так гаспадары кантралявалі сваю худобу.
Сапраўднае ярмо. Канешне, яно больш прыдатнае для быкоў. Але пасля вайны часам прыходзілася араць і на каровах. Ну як тут без ярма…
Цікавая назва цэнтральнага прадмета. Гэта трапло. Ім трапалі лён, і, магчыма, адсюль пайшла мянушка надта гаваркому чалавеку.
Гэта толькі некторыя прадметы нашага музея. Усё астатняе вы можаце пабачыць у аўдыторыі 522. Дарэчы, мы ўжо прымалі дэлегацыі з Масквы, ЗША, групы замежных навучэнцаў. І ўсе засталіся ў вялікім захапленні. Чакаем і вас!
Варанец Віктар Іванавіч, арганізатар і кіраўнік этнаграфічнага кутка.