Хор ветэранаў “Вясёлка” Астравецкага Дома культуры пацвердзіў званне народнага
Сёлета на фестываль прыехалі трынаццаць калектываў. Усе прадэманстравалі добрую мастацкую падрыхтоўку. Зразумела, “Вясёлка” мусіла адпавядаць высокаму ўзроўню і званню народнага калектыва. Сёлета ў фестывальную праграму калектыву ўвайшлі песні патрыятычныя – “Героі, патрыёты, ветэраны”, “Святая Радзіма”, любімы многімі лірычны вальс “Когда б имел златые горы” і энергічная, завадная “Москва златоглавая”. Яе гледачы сустрэлі воклічамі захаплення. А “Фінальная” проста расчуліла залу…
Высокае выканаўчае майстэрства паказаў квартэт у складзе Надзеі Харытонавай, Клаўдзіі Дублёных, Галіны Гіцэвіч і Ірыны Тумко, якая спявала яшчэ і сола. Увогуле, выступіў хор ярка, па-сапраўднаму вясёлкава, прафесіянальна, у чым несумненная заслуга мастацкага кіраўніка Дануты Папеня. І музычнае суправаджэнне было адмысловым – славутая “Скарбніца”, народны аркестр народных інструментаў Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Надзеі Шарэйка.
Фестываль – не конкурс-спаборніцтва, прызавыя месцы пераможцам не прысуджаліся. Кожны калектыў быў адзначаны дыпломам удзельніка і падарункамі ад абласнога камітэта прафсаюза работнікаў культуры і арыгінальнымі сувенірамі ад Іўеўскага Дома рамёстваў.
Канікулаў у хору не будзе. Рэпетыцыі прадоўжацца, бо наперадзе чакаюць святы, да якіх трэба падрыхтаваць новыя нумары, ды і ранейшы рэпертуар паўтарыць.
Фото www.ostrovets.by
Раённая газета «Аставецкая праўда»